(кіраўнік праекта М.Пірагоў, арх. В.Данілаў, Л.Зданевіч, А.Шабалін, канструктары Я.Уласаў, А.Яршова) на Кастрычніцкай пл., на перасячэнні 2 асн. дыяметраў горада — водна-зялёнай сістэмы поймы р. Свіслач і праспекта Скарыны. Размяшчэнне будынка на гал. кампазіцыйнай восі плошчы вызначыла строгую сіметрычнасць яго аб’ёмна-планіровачнай структуры. Вобразнае вырашэнне палаца засн. на прасторавай будове фасадаў. На першым плане — строй пілонаў перыптэра, які нясе ўсё пакрыццё будынка памерам 109,5 × 82,5 м. Другі план фасадаў у выглядзе рытмічнага спалучэння каменных сцен з вітражом; верхняя зона другога плана — зашклёны вітраж, які апяразвае будынак па перыметры і ступеньчата апускаецца да адзнакі подыума на гал. фасадзе, чым падкрэслівае аб’ём гал. і абыходнага фае. Арх.-планіровачная структура палаца грунтуецца на дакладным функцыянальным заніраванні асн. груп памяшканняў, зручных верт. і гарыз. сувязях. Р.п. складаецца з памяшканняў: комплексы глядзельных вял. залы (на 2700 месцаў),
малых залаў (агульная колькасць месцаў 800; канферэнц-залы, прэс-цэнтр, кавярня з барам і інш.); сцэнічны, блокі ўрадавы і прэзідыума; 3-павярховы кінакомплекс, залы кандыцыянераў, венткамер, дапаможныя і тэхн. памяшканні. У зоне подыума комплекс грамадска-культ. прызначэння: більярдны клуб з гульнявой арэнай, барам, маст. галерэя, кавярня. У гал. фае адкрытыя парадныя лесвіцы, 6 эскалатараў забяспечваюць сувязь паміж усімі ўзроўнямі фае і кулуараў. Р.п. мае падземны інж. корпус (аб’ём 25 тыс.м³; знаходзіцца паміж палацам і музеем Вял.Айч. вайны). Маст. афармленне інтэр’ераў вырашана ў бела-залацістых тонах, арыгінальнасцю і багаццем вызначаюцца сістэма дэкар.-асвятляльных элементаў (маст. В.Даўгала, Ю.Івахнішын, У.Стальмашонак, В.Чайка), габелены (маст. Л.Бартлаў, В.Грыдзіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Н.Пілюзіна). У Р.п. праводзяцца грамадска-паліт. мерапрыемствы гар., рэсп. і міжнар. значэння, кангрэсы, сімпозіумы, выстаўкі, канцэрты, конкурсы, спектаклі, выступленні оперных і балетных калектываў. Іл.гл. таксама да арт.Плошча.
Літ.:
Шамрук А. Каб удыхнуць у архітэктуру жыццё // Мастацтва. 2001. №2.